СЛУЖБО́ВАЯ Э́ТЫКА сістэма норм паводзін, якія рэгулююць адносіны чалавека да сваіх прафес. абавязкаў, маральныя ўзаемаадносіны спецыялістаў і аб’ектаў іх дзейнасці (урач і хворы, педагог і вучань і г.д.), узаемаадносіны людзей у прац. дзейнасці. Нормы С.э. выпрацоўваюцца з улікам сац. структуры грамадства, інтарэсаў груп, сістэм грамадскіх адносін і ўяўлення членамі грамадства аб належным, дапушчальным, магчымым, станоўчым, жаданым, прымальным і г.д. З дапамогай гэтых норм грамадства, сац. групы прад’яўляюць сваім прадстаўнікам патрабаванні, якім павінны адпавядаць іх паводзіны, кантралююць, рэгулююць, ацэньваюць гэтыя паводзіны. Да спецыялістаў, ад якіх залежыць жыццё і здароўе людзей (медыцына, транспарт і г.д.) або якія маюць права ўмешвацца ва ўнутраны свет чалавека (педагогіка, псіхіятрыя і інш.), прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. Існуюць такія паняцці, як урачэбная этыка. журналісцкая этыка і інш. У сучасным грамадстве асобае значэнне надаецца прадпрымальніцкай этыцы, якая ўключае этыку вядзення перагавораў, канкурэнтнай барацьбы і г.д.
т. 15, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)